Добро пожаловать!!!
Музейны этнаграфічны пакой "Беларуская хатка"
У жыцці так заведзена: кожнаму пакаленню застаецца ў спадчыну тое, што было створана яго продкамі, умелымі, здольнымі, таленавітымі. Свая, непаўторная і адметная спадчына ёсць і ў нашага народа, якому наканавана лёсам жыць і працаваць на Ганцаўшчы – унікальным куточку берасцейскай зямлі. З мэтай папулярызацыі народнай культуры і быту, якія засталіся нам ад нашых продкаў, у 1995 годзе ў УА “Ганцавіцкі дзяржаўны прафесіянальны ліцэй сельскагаспадарчай вытворчасці” гасцінна адчыніў дзверы для наведвальнікаў этнаграфічны пакой “Беларуская хатка”. У яе абсталяванні прымалі ўдзел работнікі ліцэя, навучэнцы, іх бацькі. Хутка наша “хатка” стала тым куточкам, дзе можна было даведацца аб тым, чым жыла наша старонка, якімі справамі займаліся нашы землякі, як працавалі і адпачывалі, што спажывалі, у што верылі, як апраналіся і г.д. “Беларуская хатка неўзабаве ператварылася ў своеасаблівы астравок сустрэч і зносін зацікаўленых і дапытлівых, дзе кожны навучэнец мог адчуваць сябе ўтульна, адчуць сябе патрэбным у вялікай ліцэйскай сям’і. Бо кажучы словамі Уладзіміра Ліпскага, хата спрадвеку для беларуса была калыскай, школай, царквой, тэатрам, лякарняй, сталоўкай, клубам, майстэрняй. Этнаграфічны пакой стаў цэнтрам выхавання нацыянальнай свядомасці, далучаў да духоўнай скарбніцы свайго краю.
Этнаграфічны пакой прадстаўляе інтэр’ер сялянскай хаты сярэдзіны ХХ стагоддзя, абсталяванне якой было нескладаным і вылучалася практычнасцю і эканамічнасцю выкарыстання жылой плошчы. Кожны куточак выконваў свае, строга акрэсленыя функцыі. У час экскурсій звяртаецца ўвага на гэту акалічнасць, а таксама і на арыгінальнасць экспанатаў, іх эстэтыку. Адзначаецца, што многія рэчы¸зробленыя ўласнаручна, нашы продкі надзялялі магічнай сілай.
Музейны этнаграфічны пакой "Беларуская хатка" з'яўляецца своеасаблівай візітоўкай нашай установы, дадатковым адукацыйна-выхаваўчым рэсурсам, пляцоўкай, дзе можна атрымаць веды, першай прыступкай да выхавання асобы.
У этнаграфічным пакоі сканцэнтраваны багаты матэрыял: хатняе начынне, традыцыйныя прылады працы, прадметы побыту, адзенне, посуд, дакументы, грашовыя адзінкі, падручнікі і школьныя прыналежнасці, фотаздымкі і г.д. Цікавасць уяўляюць ганцавіцкія паясы, створаныя рукамі працаўніц. Навакольных вёсак. Асобная старонка адводзіцца ім у “Этнаграфіі Беларусі”. Шырока прадстаўлены ручнікі: набожнікі, уціральнікі, трапкачы, святочныя хусткі – жаночыя галаўныя ўборы, аздобленыя кутасамі, вышываныя крыжыкам і гладдзю; палатняныя торбачкі, якія па сённяшні дзень з’язляюцца “апазнавальным знакам” пажылых жанчын з вёсак Раздзялавічы, Хатынічы, Боркі, Люсіна; жаночы вясельны галаўны ўбор, зроблены з рознакаляровых стужак.
Дастойнае месца сярод экспанатаў займае тульскі самавар фабрыкі Р. Баташова, адзначаны 20 медалямі за ўдзел у выставах. Сярод экспанатаў, а іх налічваецца звыш 500, ёсць такія, якім больш за 100 гадоў: грыфельная дошка, лямпа, ліхтар, паясы, макацёр, драўляныя капылы і інш.
Некаторыя рэчы выкарыстоўваюцца пры правядзенні раённых, гарадскіх, агульналіцэйскіх мерапрыемстваў, якія прапагандуюць беларускую культуру. У этнаграфічным пакоі праводзяцца зэкскурсіі не толькі для навучэнцаў, але і для вучняў школ раёна і для гасцей. Ладзяцца вячоркі, дзявочыя пасядзелкі, святы і абрады, гадзіны мастацтва, пазнавальна- інфармацыйныя і экалагічныя гадзіны, сустрэчы з цікавымі людзьмі, забаўляльна–гульнёвыя праграмы і г.д.
Акрамя інтэр’ера “Беларуская хатка” плануецца абсталяваць яшчэ два пакоі. Адзін з іх будзе прысвечаны гісторыі ліцэя, яго выпускнікам. У другім пакоі экспанаты плануецца размясціць па наступных раздзелах: “Апрацоўка лёну. Ільняныя вырабы”, “Вырабы з драўніны”, “Ганчарны посуд”, “Пляценне”, “Ткацтва”, “Вышыўка”, “Вырабы з жалеза”.
2021/2022 навучальны год |
У нашым этнаграфічным пакоі адбываюцца не зусім звычайныя экскурсіі, праходзяць яны вельмі цікава. Веды застануцца ненадоўга, калі проста паслухаць экскурсію і паглядзець на экспанаты. На доўгую памяць лепш сфатаграфавацца, наведвальнікі робяць музейнае селфі на фоне экспанатаў, што зацікавілі іх, ці побач з імі і публікуюць здымкі ў сацыяльных сетках. Вось так, мода на музейныя пакоі перарасла ў вялікую справу, якой сёння займаемся мы, навучэнцы ліцэя і нашы педагогі , – і гэтым захоўваем і зберагаем вялікую гісторыю сваёй малой радзімы. |
|
2020/2021 навучальны год Трэба ведаць – сэрца просіць, Як дзядам, бацькам жылося… Як сахой даўней аралі, Як смыком зямлю бярлялі, Як з сявалкі збожжа-зерне Рассявалі чорнай жменяй… Трэба ведаць, што зазналі, Як на пана працавалі… Трэба ведаць і пра тое, Апраналі што? Якое?.. Трэба ведаць – сэрца просіць. П.Броўка “Наш музей” |
|
2019/2020 навучальны год
Любоў да Айчыны, гонар за сваю зямлю не ўзнікаюць самі па сабе, а выхоўваюцца. У Год малой радзімы з мэтай пашырэння ведаў аб сваім краі, яго гісторыі, развіцці інтарэсаў у моладзі да мінулага, сярод навучэнцаў 1-2 курсаў была праведзена экскурсія ў этнаграфічны пакой ліцэя "Беларуская хатка". Навучэнцы дакранулісы да духоўнай спадчыны беларусаў, даведаліся пра тое, як жылі, працавалі нашы продкі, пазнаёміліся з асноўнымі рэчамі сялянскага побыту, іх ужываннем і выкарыстоўваннем у сялянскай хаце. |
|
|
|
|
|
|
2018/2019 навучальны год
Цікава і пазнавальна для навучэнцаў I курса прайшла экскурсія "Таямніцы беларускай хаты" у этнаграфічны пакой "Беларуская хатка" нашай установы. Удзельнікі экскурсіі пазнаеміліся з экспанатамі музея, даведаліся, як жылі нашы продкі, чым займаліся, якія любімыя заняткі ў іх былі, як вялі сваю гаспадарку. |
|